Лідэр Руху «За Свабоду» наведаў Салігорск, дзе сустрэўся з мясцовымі дэмакратычнымі актывістамі ды проста зацікаўленымі гараджанамі.
Сустрэча, на якой прысутнічала больш за 30 чалавек, была прысвечана абмеркаванню тэзісаў праграмы Аляксандра Мілінкевіча, якое перацякло у гутарку пра сучаснае палітычнае і эканамічнае становішча ў Беларусі.
Вельмі паказальна, што большую чатку прысутных на сходзе складалі маладыя людзі. Былі таксама некалькі чалавек сталага веку, у тым ліку маці трагічна загінулай дэмакратычнай актывісткі Яны Паляковай.
Аляксандр Мілінкевіч адказаў на шматлікія пытанні, якія тычыліся ўзаемаадносінаў у асяродку дэмакратычных сілаў, развіцця стасункаў Беларусі і Расіі, выклікаў, якія стаяць на шляху еўраінтэграцыі.
Прысутныя цікавіліся стратэгіяй дэмакратычных сілаў на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах, а таксама выказваліся за неадкладную кансалідацыю палітычных і грамадскіх арганізацый, якія выступаюць за дэмакратычныя змены і еўрапейскі выбар Беларусі. Актывісты таксама ўзнялі пытанне стварэння эфектыўных механізмаў дапамогі канкрэтным людзям, якія церпяць ад рэпрэсій мясцовых уладаў.






