Агульнавядома, што 28 чэрвеня 1660 года каля вёскі Палонка, што ў Баранавіцкім раёне, аб’яднанае беларуска-украінска-польскае злучэнне пад кіраўніцтвам гетманаў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага разбіла войска маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага. Гэтая перамога стала пачаткам пераможнага завяршэння вайны
У святочнай імпрэзе прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі баранавіцкай грамадскасці, але і мясцовыя прыхільнікі роднай гісторыі. Напачатку ўдзельнікі фэсту прыбралі тэрыторыю ад смецця і скасілі траву ля камня-валуна. Краязнаўцы Віктар Сырыца і Міхась Бернат расказалі пра гісторыю лаўнай бітвы, а баранавіцкія паэты Алесь Корнеў, Янка Збажына і Іван Лагіновіч прачыталі свае вершы, прысвечаныя нашым ваярам і касінерам. Вялікае ўражанне на прысутных зрабіла выступленне баранавіцкіх аматараў сярэднявечча з рыцарскага клубу «Шляхецкая застава», якія прадэманстравалі сваё вайсковае майстэрства.
На заканчэнні мерапрыемства патрыятычныя песні спявалі Галіна Ярашэвіч і Алесь Грыцавец, а саксафаніст Валер Шыла падараваў прысутным чароўныя гукі паланэзу «Развітанне з радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага.
Па дарозе дадому прадстаўнікі грамадскасці заехалі ў мястэчка Новая Мыш, дзе ўсталяваны помнік пачынальніку новай беларускай літаратуры Яну Чачоту. Тутака выступілі Міхась Бернат, Здзіслаў Сіцька, Валер Палікарпаў. Яны расказалі не толькі пра жыццё і творчасць аўтара 6 збронікаў «Вясковых песень», але і пра дзейнасць мясцовых філаматаў і філарэтаў.






