Палітык лічыць, што ў Беларусі пачынаецца маштабны наступ на грамадскую супольнасць краіны:
— Мне званілі многія палякі, якія шмат зрабілі для дэмакратыі ў Беларусі, для таго, каб мы былі бліжэй да Еўразвяза. Яны спачувалі і прасілі прабачэнне, хаця не яны вінаватыя, але ад імя палякаў казалі, што нам вельмі прыкра і сорамна. Я кажу, што мне таксама. Гэта нельга называць памылкамі, тут мусіць быць расследаванне вельмі дакладнае, гэта не проста памылка, таму што гэта трагедыя для сям’і Бяляцкага, для яго самога гэта моцны ўдар. У выніку таго, што адбылося, прапаганда зараз можа зрабіць усё, каб сказаць: беларуская апазіцыя, дэмакратычныя сілы — гэта агенты Захаду, што яны марыянеткі, што яны служаць не сваёй краіне.
На думку Мілінкевіча, тое, што адбылося, выгодна выключна тым сілам, якія не зацікаўлены ў збліжэнні Беларусі з Еўрасаюзам. Гэты скандал паўплывае на праеўрапейскія настроі ў Беларусі, а таксама негатыўна паўплывае на імідж апазіцыі.
У далейшым падобныя запыты беларускага боку ў краіны Еўрасаюза аб інфармацыі па тых ці іншых асобах павінны ўзгадняцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі і амбасадамі гэтых краінаў у Беларусі.
Паводле «Радыё Рацыя»
